ПЛЕМЯННА́Я КНІ́ГА, дзяржаўная кніга племянных жывёл,

кніга для рэгістрацыі племянных с.-г. жывёл, якія адпавядаюць стандартам пароды; адно з мерапрыемстваў племянной работы. Вядзенне П.к. дазваляе вывучыць эвалюцыю парод, садзейнічае рацыянальнаму выкарыстанню плем. рэсурсаў, аб’ядноўвае дзеянні селекцыянераў. Выдаецца дзярж. органамі ці т-вамі жывёлаводаў. У закрытыя П.к. заносяць чыстапародных жывёл, продкі якіх былі запісаны ў П.к. У адкрытыя П.к. запісваюць чыстапародных і ўсіх жывёл, якія адпавядаюць стандартам пароды. П.к. змяшчае: рэестр жывёл, звесткі аб іх сярэдняй прадукцыйнасці, апісанне лепшых жывёл пароды, характарыстыку асн. заводскіх ліній і інш.

Першая П.к. з’явілася ў Вялікабрытаніі (1793) па чыстакроўнай верхавой пародзе коней. У 19 ст. П.к. заведзены для большасці еўрап. парод с.-г. жывёл. У Расіі першая П.к. выдадзена ў 1834. У СССР, у т. л. і Беларусі, П.к. сістэматычна выдаваліся па асн. пародах. На Беларусі з 1990 выпуск П.к. прыпынены.

П.​П.​Ракецкі.

т. 12, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)